КЛІ́МАВІЦКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з кастр. 1941 да вер. 1943 на тэр. Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл. Складалася з Клімавіцкай (кіраўнік В.С.Даніленка), Круглянскай (А.Л.Траццякоў) груп, 6 падгруп (А.А.Гардзіевіч, К.С.Капаева, Л.Н.Раханскі, М.І.Сталяроў, Р.К.Чаркасава, Г.М.Яйцава); налічвала 42 чал. Падпольшчыкі распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, вялі агітац. работу сярод насельніцтва, ваеннапалонных, у гарнізонах вайск. падраздзяленняў праціўніка. У 1942 наладзілі сувязь з 2-й Клятнянскай і 5-й Воргаўскай партыз. брыгадамі Смаленскай вобл., 45-м атрадам «За Радзіму» Магілёўскай вобл., перадавалі ім звесткі пра рух паяздоў па чыг. Крычаў—Унеча, перадыслакацыю вайск. часцей ворага, падрыхтоўку карных аперацый, бланкі пропускаў, пашпартоў, медыкаменты, зброю і інш. Разам з партызанамі правялі аперацыю па захопе рэзідэнта герм. разведкі. За час вайны загінула 18 падпольшчыкаў.
т. 8, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)